ЯМУ ЧАТЫРЫСТА…
Раскiнуў Дуб сваё галлё, як сотнi рук,
Што да святла нябёс цягнулiся вякамi,
Прамень дастаць праз тоўсты туманоў тулуп
Буранам i вятрам наперакор шукалi.
Замшэлыя, закручаныя ў завiток –
Мядаль вякоў за iх вынослiвасць i мудрасць.
Лячыў, звiваў стагоддзямi жывiцы сок,
Не даў сагнуць, зламаць завеям стан магутны.
Лiсцё – шырокiя далонi сiлача,
Хаваюць летам вывiхi i пераломы.
Парывы восеньскага ветру згарача
Лiсты зрываюць, Дуб-асiлак – нерухомы.
Не раз у дзень спякотны тут Ядзвiгiн Ша
Паразважаць i адпачыць знайшоў прытулак.
З лiствой шапталася пытлiвая душа,
Пад спевы салаўя хаваўся ў шатах смутак.
Бяседы мудрыя з Купалам слухаў Дуб,
Магчыма моцы даў радзiцца новым песням:
Пад скрып галля ў вятрах зляталi рыфмы з губ
Аб цяжкiх вёснах ды аб марах долi лепшай…
Як бацька родны, боль збiраў ад песняроў,
Каб наталiць, даць крылы ў мудрых вершах, думках.
Каб свет духоўны над краiнай узышоў,
Ды маладзiк расцвiў усмешкаю на вуснах.
Аддаў ён сэрца узамен за краю боль,
Яно згарэла ў муках векавых i слёзных.
Жахлiвым жаралом счарнеўшае дупло
Крычыць пра даўнi лёс, жыццёвыя законы.
Здалёк галлё напамiнае сотнi нiмф,
Што танцамi iмкнуцца нам паведаць тайны,
Вятрамi скрытыя у шатах векавых,
Аб роднае старонцы, перамогах слаўных.
Стаiць, расправiў крылы Дуб, на каранях,
Трымае волата вякоў далёкiх мудрасць.
Духоўны свет, як падарунак, на руках
Нясе у будучынь стагоддзяў дух магутны.