У чаканні...

Ноч.
У пакоі двое –
я і цемра.
Дрэмлюць рыпучыя дзверы палаты,
чакае цяпла жаночага цела
бальнічны ложак.
Мае вокны і мае вочы
дзівяцца на Млечны Шлях!
Хаваюся ў дагадках,
у цесных, душных думках.
Там, высока-высока,
выліла малако з грудзей сваіх
прыгажуня Гера.
А можа, з кішэні ночы высыпаліся зоры?
Ці проста няма каму выцерці міжзоркавы пыл?!
Я гатова! Вымесці! Вымыць!
Вочы мае так просяцца ўвысь…
Бо на зямлі точаць нутро
трывога і чаканне…
Намагаюся зацыраваць шчылінку ў душы,
праз якую ўсё сочацца і сочацца
сцюдзёныя прамяні.
Салёныя бобінкі пакусваюць шчокі.
Імклівымі стрыжамі ўзляцелі думкі,
панеслі пытанне
да палоскі нябеснага святла:
“Што асноўнае ў жыцці?”
Вяртаюцца трапяткімі разважаннямі:
проста адчуваць,
што ты камусьці патрэбен!
Удыхаць пах кавы, зваранай мужам,
адказваць на тэлефонны званок пад запісам “Сынок”,
цалаваць пшанічную галоўку ўнука,
слухаць спеў свайго сэрца,
размаўляць з Богам
і глядзець на Млечны Шлях…
А шчылінка ў душы,
праз якую усё сочацца і сочацца
сцюдзёныя прамяні,
зацягнецца-зарубцуецца,
як і заўтрашняя рана пасля аперацыі.
Аб гэтым мне напісалі зоркі
на Млечным Шляху.
І, напэўна, мой бальнічны ложак
ужо праз тыдзень
засумуе па госці-дзівачцы,
якая большасць свайго часу ў палаце
праводзіла не на ім,
а на каленях…
Ноч.
У пакоі двое –
я і малітва.
За акном – Млечны Шлях!
А на падваконні – анёл-ахоўнік.
Мерзне і ўсміхаецца…
Жэўжык!