РАДАВОЕ ЗЕЛЛЕ

Плыву з аблокамi у думках,
Як птах, трапеча сэрца у грудзях.
Звязала нечысць крылы-рукi,
Хавае цемраю духоўны шлях.
 
З хлуснi сняданне i вячэру,
Прыпраўленыя гнусам, падаюць.
Аднялi слова, топчуць веру –
Без каранёў да долу голле гнуць.
 
Ржавелi пад ашукай звёны
Вякамi ў радавога ланцужка.
У сэрцах прысмак слёз салённых
Са смагай вечнай свежага глытка.
 
Я веру, радавое зелле
На скiбах родных ўздыме каласкi.
Карэннi нашы не сатлелi,
Чакаюць, моляць Божае рукi.