ВЯСНЫ ПРАДВЕСНIК

Мiгае промнiк у нябёсах,
З вачэй згартае хцiва скруху.
Лiстае кнiжку майго лёсу,
Старонкi нiшчыць завiрухi.
 
Лунае месяц ў небе цёмным:
То хмурыцца, а то смяецца.
Кружуся разам птахам вольным
Ляту, мiнаю лiхалецце.
 
Гуляе вецер па прасторах,
Спявае песню майму сэрцу.
Зрывае жухлы лiст з «вячора»
Дае надзею мне паверыць.
 
Плыве рака, нясецца ўдалеч
I будзiць водамi адхоны,
Змывае з сэрца сваёй хваляй
Самотны жаль старонкi роднай.
 
Мая душа ў суполцы з iмi
Аб будучым спявае песнi.
Гучыць надзеяй Гiмн адзiны,
Ён наш жаўрук – вясны прадвеснiк.