АХ, ПРОЗВIШЧЫ…
Запамiнаю лiчбы на хаду,
Размовы сэнс i тэксты доўга помню.
А прозвiшчы, як на маю бяду,
Скразняк рассейвае над чыстым полем.
Рыхтую ўсе пытаннi на залiк,
Вучу законы фiзiкi упарта.
Ад прозвiшчаў у сэрцы вiск i крык,
Iх столькi… ў галаве трымаць… не жарты.
I вось… каля дзвярэй … адказны час,
Сябры ў слязах выскакваюць, як кулi.
А вiнаваты прозвiшчы, якраз,
Пятлю на шыях моцна зацягнулi.
Выкладчык правярае мой бiлет,
Запiсвае: працэс iзаметрычны.
I формулу, i цiск – усё без бед,
А прозвiшча, iмя, як ком гарчычны.
Пралапатала ўсё, як мае быць…
– Не кепска, падкажы чыё адкрыцце?
Я скронi тру, а сэрца так шчымiць:
– Вось кружыцца iмя, не ухапiцца,
Я помню добра, што на букву «ка»,
А як далей, туман, ну дай Бог рады…
Прафесар ухмыльнуўся, а рука
Ля скроняў… Гнуся з жахам пад паглядам:
– Вам дрэнна, што такое, можа пiць?
– Ды не, вось з буквай Вашаю турбота,
Задумаўся дзе можна прычапiць,
Каб не пакрыўдзiць Бойля-Марыота.