МАТОК ЖЫЦЦЁВАЙ ПРАЖЫ
Наш кожны момант, кожны час –
Той залатнiк, наканаваны Богам.
Гадзiна кожная, як квас,
Экстракт душы i старадаўнiх сокаў.
Так год за годам свой клубок
Матае радавод з жыццёвай пражы.
У перамежку – зрэб`е, шоўк,
Вузлы i роўнядзь – смех i слёзы нашы.
У роспачы бывае рвём,
Ачнёмся – прытка вяжам вузялочкi.
Яны у будучым агнём
Успыхнуць, цi накрыюць цёмнай ночкай…
Якi б не пёк душу агмень,
Якiя б нi скавалi сэрца льдзiны,
Павiнны помнiць кожны дзень,
Што наш маток намотвае хвiлiны.
Ён, як крынiца, элiксiр
Для прадаўжэння, будучынi роду.
Таму так важна сеяць мiр,
У сваiм сэрцы сцерагчы пагоду.