ТАЕМНАСЦЬ ШЛЯХУ

Жыццёвай мудрасцi, шкада, не маю,
Каб зразумець, яшчэ учора,
Што рызыкую i iду па краю,
Што на шляху хвалюе мора.
 
Свой шлях, напэўна, выслала б саломай,
Знайшла напрамкi для адходаў.
Прайшла без слёз па спусках i пад`ёмах,
Сыскала брод ў халодных водах.
 
Каб мудрасцi хапiла знаць пра заўтра,
Напэўна, менш было б памылак.
Не марнавала сiлы, знала вартасць,
На вiражах так лiха не кружыла…
 
Але свой шлях, лiчу, што не змянiла б,
Напэўна, толькi быў лягчэйшым.
Хаця ў няведаннi, магчыма, сiла
Iсцi праз цемру смела першай…
 
Вучыцца прынiмаць удары лёсу,
Праз iх мацнець, расцi духоўна.
Жыцця урокi – крылы для палёту,
Таемнасць – стымул, безумоўна…