вершы — што тая прапаганда...
вершы
— што тая прапаганда —
правакуюць слухачоў
на эмоцыі
які тут розум?!
яны аб’ядноўваюць
яны падзяляюць
на супрацьстаялыя
каманды
яны акрыляюць верай
у сваю
сьпецыфічную
праўду
яны лунаюць у паветры соцыюма
як пары опіюма
яны абуджаюць
ці ўсыпляюць
мукі сумленьня
— ў залежнасьці ад прыманай дозы —
калі заснуў
то ўжо доўгі час
прасьпішь пад наркозам
пакуль ня скончыцца
сьпецаперацыя...
а потым
калі прачнешся
пасьля ампутацыі
то будзеш
дарэмна
шукаць
сваю
нацыянальную
самаідэнтыфікацыю
ў асмаглай крыві...
не раві
паберажы нервы
кінь
яна ўжо памерла
трэба ўставаць ды пакрысе хадзіць
трэба нешта карыснае ўзяць ды зрабіць
трэба ўсё гэта камусьці голасна прагаварыць
але няма
ні слушных словаў
ні моцы
ні іншых шляхоў
менавіта таму
гісторыя паўтараецца
па замкнёнаму колу
зноў
зноў
зноў
і каб супыніць
гэты ахвярны калаўротак
спатрэбіцца
нечалавечы суд
боскі цуд
сьвядомасьці
шчырасьці
літасьці
ў сукупнасьці з
прасьветленым розумам
і доўгатрываньнем
спакой
усё астатняе больш не мае значэньня
перапрацоўка
утылізацыя
перагной
14 красавіка 2022 г.
Мастак — Антуан Стывенс