Гняздо

Гняздо
Садзіць бульбу гаспадар са сваёй сямейкай:
Жонка, сын, нявестка, брат і ўнук Андрэйка.
Побач ходзяць па мяжы бусел і бусліха.
Быццам просяць:" Памажы, гора ў нас, ліха!"
 
У вёсцы ведалі даўно, як зіма мінула,
Моцным ветрам іх гняздо з дрэвам абярнула.
Шкадавалі жыхары. Але толькі словам.
Пра буслянку да пары не было размовы.
 
Хтосьці правіць стары плот, беліць сад і хату.
Хтосьці садзіць агарод. Працы ёсць багата!
Як жа птушкам начаваць, гора іх бясконца:
Як жа дзетак гадаваць, у якой старонцы?
 
Не стрымаўся дзед Тарас: барану старую
Прымасціў на дуб якраз, хай жытло будуюць.
Умомант зладзіў ім гняздо. І праз нейкі тыдзень
Убачылі на дубе тым буславу сямейку.
 
Зноў над вёскаю чуваць птушак клекатанне,
Быццам хочуць перадаць дзеду прывітанне!