СПЯШАЕ ВОСЕНЬ

Кляновы лiст сцiскаецца ў жменьку,
Званочак першы восень пасылае.
Таленавiта фарбамi, як змейкай,
Малюе кроны дрэў у родным гаi.
 
Як зорамi ўсыпае восень шаты
I тчэ з яскравых колераў вуалi.
Як маладухi, што юнак засватаў,
На сонейку бярозкi заблiшчалi.
 
Кароны залатыя дарыць восень,
Персiцкiм дываном укрыла сцежкi.
Мiгае ў травах залацiстых просiнь
Бяжыць ручай iмклiва, быццам грэшнiк.
 
Начной прахладай цiха восень шэпча,
Днём сонейка ў хмарках пачывае.
Кароткi дзень змяняе доўгi вечар,
Ды цемра апраметная, начная.