СУМЛЕННЕ

На размову ў цiхi вечарок
Да АМАПа ў госцi на часок
Заглянула боязна сумленне.
Ты даруй, што лопнула цярпенне,
Бо сягодня маю я апошнi срок
На сустрэчу i прыватны наш урок.
Вельмi цяжкi бруд мой, што тут не кажы.
Прамяняў, не думаў, зразу на грашы.
Пачарнела вельмi за кароткi век,
Перастаў ты думаць, родны чалавек!..
Да цябе прыду я штодзень у начы
Слёзкамi дзiцяцi.
Помнiш? Ты крычаў маленькай - замаўчы,
Як бiў яе мацi
Колам гнуткiм па руках, нагах, плячах.
Паглядзiш у вочы - на дзiцячы жах!..
Потым абярнуся згорбленай матуляй,
Прасвiшчу ў паветры я гумовай куляй,
Што ляцелi густа па галовах дзеткам,
Выкручу я рукi, як тады падлеткам…
Нават пачытаю сачыненне сына –
Дзе быў яго бацька ў горкi час краiны?..
Гаварыў ён цiха:
«Я яго не маю – вырас у прабiрцы,
Каб не гэта лiха,
Можа б, як героям, я змог ганарыцца!»
Маю чорны колер – я тваё сумленне,
Хочацца мне думаць – непаразуменне…
Толькi гэта праўда – чарнату не змыеш…
Не падняцца ў неба – на зямлi завыеш…