НАВОШТА ГАЛАВА?
Вырашыў сягоння я
Напiсаць пiсьмо да Бога.
На душы ў мяне што дня
Нарастае боль, трывога.
Бог стварыў ваду i лес
I навесiў два свяцiлы
Дараваў жыццё з нябес,
Пастараўся з Божай сiлай.
Ён стварыў усё звяр`ё,
Чалавека на дзень шосты.
Падабенства даў сваё,
Яшчэ нораў – ды не просты.
Даў ён ногi, рукi нам,
Каб зямелька працвiтала,
Даў заданне i вушам
Ды вачам знайшлася справа.
Якi орган не вазьмi
Атрымалi ўсе заданнi.
Толькi што да галавы?
Тут пытаннi ды пытаннi…
Можа зблытаў штосьцi Бог?
Галаву даў як памылку?
Ён стамiцца проста мог –
Працаваў жа без прыпынку.
Гэты орган лiшнi нам,
Аднаго б на ўсiх хапiла.
I вiсiць яна, як хлам,
Толькi плечы нагрузiла.
Вось цягаем мы цяжар.
Атавiзм для нас дарэчы.
Ну, падумаеш там твар?
Прычапi яго за плечы.
Галава ж на усiх адна
Вырашыць пра ўсё як трэба.
Дык навошта ўсiм яна,
Просiць толькi лiшне хлеба…
Можа б Бог нам дапамог?
Падказаў як карыстацца
З галавой сваёй каб змог
Кожны з нас навек застацца.