Вуліца Тадэвуша Касцюшкі, 45. Косава.

 Вуліца  Тадэвуша  Касцюшкі, 45. Косава.
Заходзьце ў госьці да мяне...
Пад яблыняй,
на лаўцы з вамі пасяжу.
Тут цішыня – ўсвядомлена паўней,
і зорачкі – ярчэй,
начамі я на іх гляжу.
Пра вечны думаю Сусьвет...
Пра тых – хто на сваіх планетах...
Таксама можа, нейкі там паэт
глядзіць на зоркі, як і ўсе паэты.
І піша вершы пра жыццё...
Цікава, у яго яно якое...
Цікава – Млечны Шлях куды пацёк...
А на душы – загадкава-спакойна...
 
Заходзьце ў госьці да мяне...
З калодзежа дастану вам вадзіцы –
Збіраецца, жывая, ў глыбіне.
І я вам дам яе – жывой, напіцца.
Стары, маленькі, добры гарадок...
У ім са мной перабывала столькі рознага...
Жыцця цудоўнейшы шматок,
падараваў мне любы Косава.
Радзіма жонкі тут маёй...
Тут дом яе –
на ўскрайку горада, ля леса.
Няведама якою каляёй –
мяне калісь сюды занесла.
І палюбіў я гэты гарадок –
мы спадабаліся, адзін другому.
І Час жыцця па-іншаму пацёк –
з вяртаннямі, сюды – дадому...
 
Заходзьце ў госьці да мяне…
І не зважайце, што мы незнаёмы.
Мы пагуторым, з кавай, ў цішыне,
і вы – адыдзеце ад стомы.
Вы зразумееце тады,
што тут, сярод Прастору Сьвету –
мястэчка, дзе няма Бяды,
дзе сустракаюць вас прыветліва.
 
Калі вас Сум, ці Гора йме...
Й няма з кім гэтым падзяліцца…
Мужчына вы, альбо дзявіца...
Заходзьце ў госьці да мяне –
Сусьвета тут сталіца...
*+*
ноччу, пад яблыняй, з цыгарэтаю