Василёк. Бычки. Дорога.

Зямны паклон нябёснаму Васілю Уладзіміравічу.
 
I
 
Ножкі босыя.
Халодна.
Колецца атава.
Дзе той Віцебск?
Дзе Гародня?
Дзе сталіца й слава?
 
Шчэ ня бачацца
Здалёк
Лёсавы сваволі...
Ёсць Бычкі.
Ёсць Васілёк.
Ёсць дарога ў полі.
 
Будзе ліха.
Будзе гром.
Будзе “пахаронка”...
А пакуль што
Пад вакном –
Арабіны гронка.
 
Спеляць яблыкі сады,
Гнецца колас
Долу...
Не, не згубяцца
Сляды
З Божага дазволу.
 
Бо ў мілосці,
Ці ў бядзе,
Праз гады
І стому,
Ёсць Дарога,
Што вядзе
З дому і дадому.
 
II
 
ВАСІЛЬКОВЫ ВЕРШ
 
Каторы год сцяжынкай вузкай
У летні дзень негаманкі
Іду да вёскі-беларускі
З упартай назваю Бычкі!
 
Тут колісь зорачка заззяла!
Тут на матуліных руках
Хацінка родная люляла
Для Беларусі Васілька.
 
Гаспадары цяпер далёка…
Хвалюйся памяць, не маўчы!
Нам гэты кут, як зрэнку вока
Наканавана берагчы.
 
З нябёсаў лёс яму спасланы.
І ў лютай сцюжы завірух
Тут гонар наш, і наша слава,
Тут беларускі вольны дух!
 
Ня зломіць нас навала злая:
На Беларусі шмат Бычкоў,
Дзе маці ў хаце зноў люляюць
Сыноў-асілкаў --Васількоў!
 
 
III
БЫЧКІ
 
Бычкі!..
Вось гэта, брат, па-наску.
Няхай ты лысы ці руды,
Калі да іх падыйдзеш з ласкай,
Яны лагодныя тады.
 
Але,
Калі ты хвошчаш пугай
І наганяць імкнешся страх,
Як гваздануць яны па вуху –
Дальбог, не ўстоіш на нагах.
 
Ярмо няволі ўжо абрыдла,
Давесці час да пастухоў,
Што беларусы ёсць не быдла,
А племя ўпартае бычкоў.
 
Так,
Як калісь сярод вялікіх
Паўстаў, бы волат, на вякі
Наш беларускі геній Быкаў
З вушацкай вёсачкі Бычкі.
 
Мы
Не здамося злыдням хцівым,
Бо нас выводзяць на прасцяг
Бычкі, як сімвал супраціву,
І як надзеі нашай сцяг!