мы - палачане
Калі гавару аб Радзіме сваёй,
аб тым, што на сэрцы трымаю,
адзін за другім устаюць прада мной
вобразы роднага краю.
Рачулка празрыстая ўецца ў кустах,
на ўзлеску кукуе зязюля,
плыве канюшыны мядовы пах
за хаткай маёй матулі
У восеньскім небе слязінкі дажджу,
і белая коўдра зімой
і горад які я ўсім сэрцам люблю-
-куточак радзімы маёй.
Нямала ўзрасціў ён вялікіх людзей
у гонар сваёй Айчыны.
Тут правіў калісь Усяслаў Чарадзей
І працаваў Скарына.
Тут Ефрасіння святая не раз
Малілася Богу начамі
І мы ганарымся за тое,што нас
называюць усе: ПАЛАЧАНЕ !