Дождж грае цымбаламі джаз

Дождж грае цымбаламі джаз
Цымбаламі скрозь па імшарам
іграюць у восень дажджы,
ганяюць за хмараю хмару,
наказ даўшы лісцю: " Кружы"
 
Лагодна і неяк няўдала
прымаюць ваду проймы рэк.
Спазніліся, але ж ласкава
ўсё пояць палеткі, як здзек.
 
Мы ўсе іх улетку чакалі,
ды марна гублялі свой час.
Дажджы тыя недзе блукалі,
забыўшы надоўга пра нас.
 
Хто зараз з вандровак вярнуў іх?
Асіны дрыжаць у адказ.
Так восень над намі жартуе...
Дождж грае цымбаламі джаз.