Разрываючы ветру вэлюм...
Разрываючы ветру вэлюм,
Мары-птушкі імчацца ўніз,
Быццам нехта ў душу пастрэліў.
Гэткі танец жыцця на біс.
Лёгка падаць. Ды так балюча
Апускацца на белы снег,
Што не стане вадой гаючай,
Бо ў жыцці ўсё – не як у сне.
Голас змоўкне. І перабітыя
Крылы, кволыя, не ўзляцяць.
Мары-птушкі ляжаць забітыя
Трапнай куляй майго жыцця.