Крык сэрца

Сэрцам мары Айчыны кратаю,
Суцяшаю нясцерпны боль.
Ён абвіў мае думкі кратамі --
Замест сонца -- з бетону столь.
 
Бачыць хочацца неба сіняе
І вясны незабыўны спеў...
Каб мой лёс, што пакрыты інеем,
Сэрцам выпіць жыццё паспеў.
 
Я хачу, каб травінка кожная
Мне шаптала дзівосы-сны
І каб маці, Святая, Божая
Край вітала падчас вясны.
 
А пакуль я жыву за кратамі,
Дзе штоноч раздаецца плач.
Сэрцам думкі Айчыны кратаю,
Каб не знішчыў надзей палач.