ТЭЛЕГРАМЫ ДА МАМЫ

Мама,
Я размаўляю з табою
На адлегласці палёту
Маёй душы.
Мне прыемна
Бачыць твае вочы,
Чуць твой голас…
Ты, як заўсёды,
Нечым заклапочаная.
Не хвалюйся.
У мяне ўсё добра,
Пакуль пішуцца вершы,
Устае і заходзіць сонца.
 
 
***
 
Мама,
Сёння раніцай
У маё акно
Пастукалася птушка.
Я расчыніў яго
І насыпаў на падваконне зерня.
Калі ноччу пачуўся стук,
Мне не хацелася ўставаць з ложка.
А на золку
Ля маёй хаты
Знайшлі забітага чалавека.
 
 
***
 
Мама,
Я пражыў чатыры дзясяткі год
І толькі зараз зразумеў, што я не паэт –
Гэта ты ў мяне паэтэса.
Без цябе нават гэты куплет
Не меў бы жыццёвага сэнсу.
 
 
***
 
Мама,
Гэтай ноччу я не мог заснуць
І думаў толькі аб табе.
Не ведаю чаму,
Але мне было настолькі трывожна,
Што ад гэтых думак
Я вымушаны быў запаліць свечку,
Узяць у рукі аловак
І пачаць пісаць вершы.
Усе яны прысвечаныя табе.
 
 
***
 
Мама,
Ты не крыўдуй на мяне за тое,
Што я згубіўся ў гэтым бессэнсоўным жыцці.
Не перажывай. Усё будзе добра.
Гэта лёс выпрабоўвае мяне на вернасць
Да Сваёй Зямлі і Айчыны.
А ў мяне гэтыя словы
Непарыўна звязаныя з табою.
 
 
***
 
Мама,
Заўтра ў мяне аперацыя.
Дзве было. Дзве чакаюць яшчэ.
Быў асілкам. Цяпер радыяцыя
Ўсё здароў’е зніштожыла ўшчэнт.
Мама, я пра хваробу не думаю.
Прызвычаіўся... Гэтак прасцей.
Ды і ты не хадзі болей сумнаю, –
Наша жыта яшчэ прарасце.
 
 
***
Мама,
Я прытуліўся да роднай зямлі
І адчуў усе тыя трывогі,
Якімі шчыміць тваё сэрца.
Відаць, недарэмна многія з нас
Называюць Айчыну маці.
І гэта правільна,
Таму што без маці не будзе дзяцей,
А без дзяцей не будзе Айчыны…
 
1989