ДЗЯННІЦА ЖЫЦЦЯ

Бачыў сягоння я ў ранішнім небе
Зорку-дзянніцу* жыцця.
Зорка чытала з нябёсаў малебен.
Ён мае думкі працяў.
 
Краскі світанку на небе зайгралі
Промнямі чыстай красы.
Іх падхапілі на Прыпяці хвалі –
Музыку гралі вясны.
 
Стала на небе прыгожа і светла –
Ранак на хвілю замоўк.
Сонца праменнем расчэсвала ветлы,
З ночы здымала замок.
 
Потым зайграла на небе, на лузе
Краскамі новых надзей.
Зорка развязвала цемрадзі вузел,
Зрокам распальвала дзень.
 
2002