ВЕЧАРОВАЕ

У пену захаду ружова-залатую
нырае гарызонт, як немаўля.
Стаю ў зачараванні і смакую,
імгненні, калі спаць ідзе зямля.
Вячэрняя зара п'е цішу звонкую,
і тчэ ядваб малінавы - акрыць
куточак той, што я заву старонкаю
любімаю. І за які баліць
душа мая. Маліцца не стамлюся
за гэты край. За светлы свой народ,
за мовы лёс, за волю Беларусі,
за Бога непрадбачаны прыход.
Барвовы змрок нябёсаў лоб цалуе,
стаю з замілаваннем у вачах.
І бачу - на зямлю маю святую
ляцяць анёлы з зорамі ў руках!
* * *