РАЗВІТАННЕ (ПРОЩАНИЕ)
«Сысці па-ангельску?» – зусім не пра іх
Артыстаў, рамантыкаў, франтаў.
Вярнуліся вераснем познім шпакі.
У сад свой. Да хаткі. Мігранты
Купілі білеты, сабралі багаж,
На карце маршрут ухвалілі.
Ды сэрцу птушынаму мілы пейзаж
Забыць не змаглі. Разбудзілі
Душэўнаю песняй сваёй цішыню
Туманна-самотнага ранку.
Я сон недагледжаны ўміг праганю,
Пайду развітацца. На ганку
Прысяду. Па звычцы людской,
Як водзіцца ў нас: «На дарожку».
Ліюцца шпачыныя трэлі ракой,
І думкі канцэрт растрывожыў.
Прыжмурыўшы вочкі, забыўшы на ўсё,
Спявае шпачок - перасмешнік.
Гадае, напэўна, ці стане жыццё
Сюрпрызнічаць. Лёсе-замежнік
ці будзе іспыты свае рыхтаваць
сямейству птушынаму зноўку…
«Свіі-іць! Свііць! Цёх-цё-цё! (як умее спяваць!)
Пакручвае чорнай галоўкай.
Шаўковымі крыльцамі хатку абняў,
(Расстанне аздобіў фальцэтам).
І ледзь яе, родную, утаймаваў,
Здалося, ірвалася следам!
Апошні віраж вакол сада – бывай!
Пасыпаў сад яблыкі-слёзы.
Шпачкі! Ваш палёт будзе ўдалым няхай!
Бяліце ім сцежку, нябёсы!