У Восені загадкавая ўсмешка.

У Восені загадкавая ўсмешка.
Вясёлкава-адкрыты ў яе твар.
Князёўна. Заняла свой трон няспешна.
(Ад бацькі-Года атрымаўшы ў дар).
Гарэзніца. То з полымем гуляе,
Шугае жменямі яго жмуткі,
А потым хітравата назірае,
Як з дрэў агню злятаюць языкі.
Старацелька. Шыкуе і ладкуе,
Запіскі кулінарныя вядзе,
І пільным вокам дзень і ноч цікуе
Хто? Як? Куды? Адкуль? Чаму? І дзе?
Непрадказуха. І дзівацтвы любіць.
Іграе блюз на сонечнай струне.
Нябёсы то блакітам прыгалубіць,
То густа-шэрым попелам сыпне.
Распавуцінілася. (Уся на вітамінах)
Змахнула з воч дажджынкі даланёй.
Цярплівая і мудрая…Жанчына!
 
…А мне здалося - мы падобны з ёй.