ВЕРАСНЁВАЕ

Гуляеш з лёсамі людскімі зноўку, Верасень.
Эксперыменты любіш ты чаму?
От, напракудзіш, а назад не вернешся.
Твае памылкі выпраўляць, скажы, каму?
 
Чаромхай забуяў, аблашчыў сонейкам.
Амура стрэлы не кантраляваў.
Свавольнікам праслыў і бессаромнікам,
Бо не ў пару зусім замаяваў.
 
…Сустрэча. Выпадкова-ілюзорная.
Дзвюх душ, двух сэрцаў, пакаленняў двух.
…І неба – густа ўсеянае зорамі.
І месяц – пільны сведка, іх пастух.
 
Не быць ім разам, не сплясціся лёсамі.
Дазволь ім хоць у снах страчацца, Верасень!
Астатняе – сваім дыханнем восеньскім.
ЗавЕрасні! ЗавЕрасні. ЗавЕрасні…