***А я паверыла...
* * *
А я паверыла…
Душу наросхрыст.
Навыварат жаданні, мары, сны.
Вядзьмак, шаман, антыхрыст босы,
ты дэмана хрышчоны сын.
Настоем слоў рытмічна-ап'яняючых
падатлівую кроў маю заліў.
Дзяўчынка… Ад тваіх замоў палаючых
скараюся, сама сабе на ўздзіў.
Я вырвуся з вянка твайго дурманнага,
парэжу швы. Сцярплю. Перабаліць.
І зачаплю табою абяцанае
за павуцінне – хай ляціць, ляціць…