МАМЕ
Скача вавёрачкай вогнік у грубцы.
Дыхае цёплай самотай пакой.
Мама ў валёнках і зношанай куртцы
Цэдзіць на кухні вячэрні удой.
- Холадна як! Аж да костак праймае,
Грэйся, дачушка, паленцаў падкінь.
Грэюся. Дзіўна, аднак жа, бывае:
Цела гарыць, а ў душы – скразнякі.
Кожны куточак да болю знаёмы,
Кожны разрэз на шпалерах знайду.
Дзе яшчэ будзе так лёгка, як дома?
Ды штось трывогу з душы не звяду.
Мама! Жыццё адлятае, як песня,
Шчасце ты смела ўплятала ў касу.
Лёс і не крыўдзіў цябе, і не песціў,
Ўпотай не раз выцірала слязу.
Мама! Няўмольна гады прамінулі.
З весняй паводкай сплыла маладосць.
Так ужо сталася … Выбач, матуля,
Я ў тваёй хаце сягоння як госць.
Мама! Чаму душу студзіць трывога?
І успамінамі сэрца лячу?
Вер, што сказаць табе трэба так многа…
Толькі … ”Даруй мне за ўсё!” – прашапчу.