Так хочацца сонца ў акне!

Так хочацца сонца ў акне!
Адбіткаў праменняў у лужах.
Калі, ўрэшце, крызіс міне?
У сэрцах, у думках, у душах?
 
Зайграюць калі капяжы
Мелодыю шчырасці людзям?
І іх, паўсляпых, на мяжы
Жыццёвага яру разбудзяць?!
 
І свой палінялы убор
Сарве з плеч худых Цярпенне.
А вочы захочуць зор,
І выпрастацца - калені.
 
Калі ў недалюбленых іх
Вясёлка на вуснах зайграе?
Спакутаваных і святых
Пакліча дарога да раю…
 
І снегам апошнім сплыве
Санлівасць і раўнадушша.
Так хочацца сонца ў акне!
І чуласці ў стомленых душах.