ЗАГАРЭЛАСЯ ЗОРКА
Не выпадкова ў гэты свет прыходзім —
На небе ў сіней высі запалілі зорку.
Пакуль гарыць, удалеч з ёю крочым...
То разгарыцца зырка, то агорне змора.
Як промні, рассыпае нам іспыты,
Жадае даць напрамак, кліча за сабою.
Шкада, што часта мы ідзём сляпымі,
Не чуем плач душы, акутанай журбою.
Збіваемся з дарогі, крочым краем,
А зорка будзіць нас, прысядзе ля падушкі.
У сэрца наша й розум завітае,
Змагаецца праліць святло на нашы думкі.
Пакуль сумленне і душа сяброўкі —
На грунце наша лёсаносная сцяжынка.
Калі між імі зачынілі створкі,
Святло тускнее ды мігае безупынку.
У час жалобны гаснем разам з зоркай.
Шчаслівыя, калі прайшлі адною сцежкай,
Калі сумленне не скавала гора,
Ды рэхам не купіла пыха і пацеха.

