НАШЫ ДУМКI, ЯК ХМАРЫ…

Нашы думкi ў паветры то птушкай,
То смалою цягучай над краем.
То паток чорных хмар паварушаць,
То да сонца з маўклiвым гуканнем.
 
Нашы думкi то шоўкавай нiткай
Маладзiк вышываюць у высi,
Альбо нечысць збяруць, як магнiтам,
Плашч прырода надзене капрызны.
 
Нашы думкi ў паветры духоўнасць,
Быццам зоры рассеяць на шчасце,
Цi хлуслiваю песняй жалобнай
Душу ветру дазволяць абкрасцi.
 
Навучыцца аб светлым як марыць,
Каб смяялася ветлiва неба,
Вецер рожыцы корчыў у хмарках,
Зоркi шчыра дзялiлiся срэбрам.