МЫ РОЗНЫЯ
Мы розныя, адны, як кнiга мнагатомнiк,
Другiя, тонкая, штодзённая газета,
Дзе кожны дзень куюць стаханаўцаў нястомна,
Лiецца песнь «чырвонага» паэта.
Сваёй узвышанаю песняй на абломках,
Паветраныя замкi збудавалi.
А ганарлiвасць, як набiтая аскома,
Рысуе папяровыя у медалi.
Адкрыўшы незнарок, адразу закрываеш,
На першых сказах, што вядуць па шляху
Напрамкам ленiнскiм, па вузкiм краi,
У будучынь, дзе ход замураваны прахам.
Адкiдваеш, як блуд, пусты i ерэтычны,
З малiтвай баранiць твой шлях сустрэчы.
Бо часта абыйсцi з павагай i тактычна
Бывае цяжка, глупства давiць плечы.
Ды з асалодай адкрываецца шматтомнiк,
Лiстаеш асцярожна i з павагай.
Спрачаешся, альбо згаджаешся, вядома,
Яна прыцягвае, бы сiлай магаў.
Ты з кожнай новаю старонкай багацееш,
Расцеш духоўна, шлях шукаеш ў Вечнасць.
Мiнулае рассейвае памалу ценi,
Па-новаму шукаеш шлях свой Млечны.