ЧАМУ СМУТАК У ВЕРШАХ?..
Чаму смутак у вершах маiх,
А не гучныя песнi i пляскi?
Гэта хмурага неба усхлiп,
Камянiстых шляхоў нашых лязгат.
Ястрабiных у безданi крык,
Точаць неба сцярвятнiкаў зграi.
Колер ясны за цеменню знiк,
Быццам коўдрай, закуталi хмары.
Праступiў сок зямлi, нiбы смоль,
Кроў звiлася слязою цягучай.
Быць маўклвай, сляпой i нямой
Заўжды ветры настойлiва вучаць.
Патрабуюць у сказах бемоль
Замянiць на дыез мелагучны.
Толькi сэрца маё гэта роль
Смагай волю спазнаць вечна мучыць.