Чорныя сляды памяці
Ад дзён тых –
шлях
у трыццаць шэсць гадочкаў...
– Танюшка-сплюшка! Зноў заснула з кніжкай!
Праз паўгадзіны практыка – пад’ём! –
Сяброўка Светка з “вожыкавай” стрыжкай
З воч праганяе мой кароткі сон.
Ускокваю! Гарэзліва, вясёла!
Хутчэй! Спазніцца нельга – быць бядзе!
І з інтэрната да бліжэйшай школы
Бяжым са Светкай – “вучыцелькі” дзве!
Гарачыня! Так сонейка шчыруе!
Чарэшнева-вішнёвы снегапад!
Шпачок старанна песеньку шліфуе –
Схаваўся ў цень смарагдавых прысад.
Вясна! Канец вучобы блізка-блізка!
А справаў! Рой! Калі паспець зрабіць!?
Старанныя студэнткі-аптымісткі,
Жыццё мы не стамляліся хваліць!
Бяжым у клас, дзе дваццаць параў вочак
Уважліва на нас будуць глядзець.
І мы так многа расказаць ім хочам
Пра тое, што… Мы зараз у бядзе:
“Не трэба, праўда, моцна хвалявацца…
Не ў нас, на Украіне быў узрыў…
Хоць горача, а трэба прыкрывацца…
Каб кожны галаўны убор насіў.
І ручкі мыйце з мылам часта-часта,
Кладзіце мокрую анучу ля дзвярэй…
І душ прымайце”…
Гэтае няшчасце
Зусім не насцярожвала дзяцей.
Аварыя?.. За сотні кіламетраў!
Не чуем паху! Не відаць слядоў!
І нам няўзнак: са спадарожным ветрам
Прыплыў на Беларусь пыл палыноў!
І мы ў свае гарэзлівыя дваццаць,
Перасцярогшы нашых малышоў,
З сумленнем чыстым – да ракі – купацца!
Не прыкрываючы ні спін і ні галоў…
…Ад дзён тых – шлях
у трыццаць шэсць гадочкаў.
Ды ў памяці – калюжын жаўцізна,
І жоўці след на травеньскіх лісточках…
Са стронцыем і цэзіем вясна!
Яна цярпліва злізвала атруту,
Трывала цмока кіпцюры ў грудзях…
Не адчувалі мы яе пакутаў
І верылі – асілім чорны шлях!
… – Танюшка-сплюшка! Як жыва-здарова?
– Жыву, Святланка! Хоць раман пішы!
Трапеча сэрца ўзбуджана-вяснова,
І вера пасялілася ў душы!
Вясна, як некалі, ва ўсю шчыруе!
Вось-вось павінны вішні зацвісці!
– Гасподзь! Чарнобыля сляды – прашу я, –
Ні на зямлю, ні ў душы не ўпусці!
***