ЖНІВЕНЬ (АВГУСТ)
Яблычны, арэхавы, мядовы,
спасаўскі – апошні месяц лета.
Жнівень мой! Набожна-ганаровы,
доляй мы з табой адной сагрэты.
Сталы, мудры, дбайны, паважаны,
працавіты, шчыры, клапатлівы,
стомлены, заўзяты, ураджайны…
Гэта жнівень! Гаспадар руплівы!
Ружы, астры, цыніі, вяргіні,
хрызантэмы, флёксы каля хаты.
Грушы, слівы, познія маліны…
Гэта жнівень! Шчодры і багаты!
Хлебасольны, ветлівы, гасцінны,
Дзёрзкі, заліхвацкі, жывапісны…
Вяжа гамакі ён з павуціны,
Як дзіця ў іх гойдаецца-вісне.
Зоркамі жанглюе віртуозна,
шэпчацца з ранетамі пад вечар.
Часам крыўду вылівае слёзна,
і баліць яму па-чалавечы…
Не прадзі мне смутку, жнівень родны!
Сонечныя мары мае споўні.
Атулі бацькоўскаю лагодай,
верай і надзеяю напоўні!
Яблычны, арэхавы, мядовы,
спасаўскі – апошні месяц лета.
Жнівень мой! Пад ззяннем месяцовым
мы з табой яшчэ спяём дуэтам!
***