Сустрэча з ноччу

Ноч прысела ля хаты на ганку.
Пачала ў небе зоркі лічыць.
Не злічыла іх колькасць да ранку
І ўвесь дзень задуменна маўчыць.
 
Бачыў я, як стамлёныя вочы
Дакраналіся красак нябёс,
Як малітва прыветлівай ночы
Ратавала ад здрады мой лёс.
 
Я прызнаюся шчыра: аднойчы
З ноччу я да рання размаўляў.
Тая ноч мне ўсміхнулася тройчы
І рукой памахала здаля.
 
З той пары ў вольным небе айчыны
Ноч свае пакідае сляды
І распальвае зоркі лучынай,
Што ўратуюць жыццё ад бяды.