РАЗВІТАЛЬНЫ МАТЫЎ

Калі ў жыцці закончыцца патрэба,
І ў сэрцы адгрыміць апошні бой,
Па-над Дняпром, дзе вербы лашчаць неба,
Хачу прычаліць вечны човен свой.
 
Няхай раса маю спатоліць смагу,
Укрыюць коўдрай травы-мурагі,
Паміж радні я ў жвір дняпроўскі лягу,
Які таптаў калісьці без тугі.
 
Каб мог я чуць і днём, і цёмнай ноччу,
Калі запаляць бакены агні,
Як калыханку вербы мне шапочуць,
У сон, дзе я мацую карані...