КУРАПАТЫ

Крыкі, стрэлы, кулі, маты --
Страпянуўся лес ад болю.
Пахавалі Курапаты
Тых, хто нёс народу волю.
 
Пахавалі самых лепшых:
Самых дужых, самых смелых,
Каб яны паўсталі ў вершах
У сваіх кашулях белых.
 
Вар'яцелі ў лесе каты --
Забівалі нашу долю.
Ды нямыя Курапаты
Абуджалі думкай волю.
 
Не давалі спаць пачварам,
Што выконвалі загады.
Аблівалі думкі варам,
Каб хутчэй шызелі каты.
 
Курапаты, Курапаты --
Гэта нашае сумленне.
Сёння час настаў расплаты --
Ён яднае пакаленні
 
Супраць тых, хто нішчыць мову,
І вядзе народ да згубы,
Хто знайшоў ва ўладзе схову,
На крыжы ашчэрыў зубы.