Нерв

Я -- аголены нерв Айчыны,
Што пульсуе на ніве дзён
І загойвае вершам шчырым
Шлях, якім мы здавён ідзём.
 
Я адкрыты для ўсіх -- глядзіце,
Як праз сэрца праходзіць боль.
Свае слёзы я вершам выцер
І на рану насыпаў соль.
 
Я свой боль загаю радкамі,
Для людзей агалю душу,
Каб не стала яна, бы камень,
На якім я жыццё пішу.
 
Вы паслухайце, як надрыўна
Гэты нерв адчувае час.
Каб не ўпала жыццё з абрыву,
Ён з надзеяй глядзіць на вас.