Дзень роднай мовы

Дзень роднай мовы -- гэта свята тых,
Хто ўратаваў яе ад курапатаў
І захаваў напеў жывы, святы,
Каб ён народ з жывіцай дзён сасватаў.
 
Без мовы жыць, як маці пахаваць
І кожны дзень маўчаць каля магілы.
А ноччу слухаць, як крычыць сава
І адбірае крыкам твае сілы.
 
Без мовы жыць -- забыць, што мы --народ
Сваёй зямлі: цнатлівай Беларусі.
Бо мова -- гэта думак калаўрот
І сцяг надзей, які ўслаўляюць гуслі.
 
Імчацца тыя гукі да людзей,
Кранаюць сэрца шчырасцю матулі.
Як добра, што сягоння мовы дзень
І што яго не закранулі кулі.
 
22.02.2017