Чарнее лісце

Не выйсці
З рэк атрутных слоў,
Што топяць сцежкі нашы –
Чарнее лісце
Берагоў,
Змяняюцца пейзажы.
 
Ў мінулым
Цвіў кахання бэз,
Натхнённа ззялі твары:
Мяне цягнула –
Я палез
Ў душу тваю ахвярай.
 
Шукаў у ёй
Адбітак нас
І верыў: ёсць надзея.
Палаў табой
Пакуль не згас,
Лічыў: ты – панацэя.
 
Аддаў што ёсць:
І моц, і кроў;
Загойваў твае раны.
А вынік – злосць
Ад ланцугоў
Ды роспач ад падманаў.
 
Наперад крок
Рабіў, а ты
Інэртна існавала.
Пачуццяў змрок
Тваіх – як дым,
Смяротная навала.
 
Раз’ела сэрца –
І пайшла,
А я, зламаны болем,
Здурнеў, здаецца,
Бо душа
Не хоча быць у волі.
 
Чарнее лісце,
Дым ірве,
Змяняе колер бераг.
Жылі калісьці,
А цяпер
Існуем без намераў.