Издать сборник стиховИздать сборник стихов

ТВАР ЦІШЫНІ

Цішыня, ты так часта мяняеш свой твар,
На сябе не падобная часта ў адценнях.
То сатканая з цёмных назойлівых хмар,
То віешся фіранкай з душы летуценняў.
 
Калі сэрца гарыць ў пацалункаў агню,
Мары крылы даюць, уздымаюць да зорак.
Бачу свет навакольны як бы ўпершыню,
Ды забылася смага, што мучыла ўчора.
 
Калі сэрца сціскаюць, як быццам ціскі,
Калі ўвесь далягляд, як адзіная кропка,
Бы гудуць ветракі ад узмаху рукі,
Цішыня, як пліта, цісне плечы і топча.
 
Як прасеяць паветра, знайсці ў сабе моц,
Мудрасць сэрцам паклікаць, сасватаць з душою,
Каб дыез прыпыніць, замяніць на бемоль,
Ды пад гукі яго стаў бур`ян муравою?..
 
Крок наперад зраблю, вопыт скіне пліту,
Палюблю той хвілінай жыццё , як ніколі.
Ветрам звітыя беды ў касу, распляту,
Дорыць думкі крылатыя прага да волі.