НА ПАРОЗЕ
На парозе ў жыццёвы паход
Мары крылы даюць, кружыць сетка сцяжынак.
Скача думак у снах карогод,
І хмяляць, як віно, солад льюць безупынна.
Мроя кліча, заве, бы прамень,
Мы спяшаем нагнаць, а яна, быццам птушка,
Уцякае, хавае наш дзень...
Прывучыць як яе, навучыць быць паслушнай?
Свет ружовы надзеў сарафан,
Мора казак разліў, дзе мігаюць нам хвалі.
Цяжка ўбачыць схаваны падман...
Убаюкалі розум наш зорныя далі....
Мэта кліча: «Хутчэй ты, хутчэй!»
Нас упарта штурхае на шлях карацейшы,
Што не просіць бяссонных начэй,
Нашы сэрцы шырокай дарогаю цешыць.
Толькі шлях той, як кажуць, заўжды,
Незнарок, мае хітрасць спыняць ля абрыва.
Знікне зорнае неба, дажджы,
Зменіць свет сарафан, песня стане жахлівай.
А на перадзе свеціцца дно...
Адштурхнуцца ці зможам увысь з усёй сілай?
Ці завязнем, ахутае сном,
Не ўзляцім, станем птушкай маўклівай, бязкрылай?

