ШТО ДАЕ РАСТОК
Жыцця умельства вучыць шчыра
Убачыць зерне, што дае расток,
Ды адшукаць сцяжынку мiра
Ў душы, з крынiцы даць вады глыток.
Заўважыць iскарку, што свецiць,
Пытаецца ажыць праз цемру хмар.
Ды разагнаць самотны вецер,
Што наганяе жах, няздзейнасць мар.
Галоўнае змагчы убачыць,
Не фарбаваць на свой хлуслiвы густ,
Каб той расток – расток удачы
У плёне разарваў заганны круг.
З надзеяй павярнуць на сонца,
Сагрэць далонямi, сваiм цяплом,
Ды верай, чыстай i бясконцай,
Што вабiць сэрцы сонечным дзяньком.