ЯНКА КУПАЛА. "З табою." (ДЕКЛАМАЦИЯ)

Аудиозапись

З табою спаткаліся ў лесе;
Багун і чарнобель к нам слаўся.
Смяяўся пушчар, а у смесе
За ценем цень новы снаваўся.
 
За намі, прад намі снавалі
Павучныя, бледныя цені, –
Мяне у палац зазывалі,
Цябе – у святыя прадсені.
 
Святая пасцель небасхіла
Крывавай імглой заплывала,
Пасад заручальны магілай
Пуціна сляпая хавала.
 
Пуціна была, мы і тую
Згубілі, як лепей – не зналі:
Ці маем шукаці старую,
Ці к новай блукаціся далей?