ВАЎКАВЫСК – РАДЗІМКА БЕЛАРУСІ (Волковыск – родинка Беларуси )

ВАЎКАВЫСК – РАДЗІМКА БЕЛАРУСІ (Волковыск – родинка Беларуси )

Аудиозапись

К 1000-летию родного города
З глыбінь вякоў, з глыбінь часоў паганскіх
Ляціць твой стогн і покліч баявы,
Праслаўлены – у песнях і паданнях –
Мой родны горад, любы Ваўкавыск.
 
Тут полымя ўзлятала і сцішала,
А людзі сеялі і пажыналі хлеб,
Тут быў Міндоўг*, і сын яго Вайшалак*,
І наш уласны ваўкавыскі – Глеб*.
 
Тут памятаюць замчышчавы* пліты,
Што параслі травою і галлём,
Як пасланцы ад Рэчы Паспалітай
Ягайлу* абвясцілі каралём.
 
Адсюль, каб край быў вольны і багаты
І мірна жыў сярод сваіх бароў,
Вялікі Вітаўт* на палі Грунвальда
Харугву ваўкавыскую павёў.
 
Ты помніш, горад, слаўныя імёны!
Як ты ўздымаў свой гонар векавы,
Калі прымаў палкі Баграціона,
Што выгналі французаў ад Масквы!
 
І як усмешкай зіхацелі твары,
Калі твае вярталіся сыны,
І як лічылі страты і ахвяры
Апошняе Айчыннае вайны..
 
Я да зямлі далонню дакрануся,
Я правяду рукою па траве,
Пачую, як пчала звініць у лузе,
Як волат-зубр у гушчары раве.
 
Як ранішні туман рачулку мые,
Убачу я на досвітку, але...
Ізноў плывуць стругі па Ваўкавыі
У Рось, у Нёман, і яшчэ далей...
 
А з далечы, як прывід чорнай хмары
І як увасабленне цёмных сіл,
Ізноў ляцяць візготныя татары,
І стрэлы захінаюць небасхіл.
 
Кавалак ласы, хто ж цябе не ведаў!
На скрыжаванні свету – лёс такі!
Таму душу тваю палілі шведы,
І цела распіналі крыжакі.
 
А людзі, сэрцам тоячы трывогу,
На капішчах, у цэрквах, як маглі,
Маліліся Пяруну і Дажджбогу,
Маліліся Хрыстосу і зямлі.
 
Ах, Божа ж мой, дзіцятак нарадзіць бы,
Пакуль не засцяць неба крумкачы!..
У час кахання і ў часы малітвы
Ляжалі подруч вострыя мячы.
 
Кіпела за навалаю навала...
Зямелька прашчураў, зямля маіх бацькоў,
Ты пот і кроў іх у сябе ўвабрала,
Агонь і попел дзесяці вякоў...
 
Я прыпаду шчакою да пагорка,
Да сонца, і да зорак у начы,
Адчую, як тут соладка і горка
Зямлю сваю любілі крывічы...
 
Нам выпаў лёс у часе і прасторы
Для добрых спраў і для лагодных слоў.
Глядзіце, як адроджаны наш горад
Ляціць да зор пад крыламі буслоў!
 
Глядзіце, як світанкавай парою,
Вітаючы вас, любыя мае,
Над старажытнай Шведскаю гарою
Ярыла-сонца радасна ўстае!
 
Мой Ваўкавыск, радзімка Беларусі,
Твой герб з ваўком, як радавы татэм!
Перажылі мы войны, і спакусы,
І шмат чаго яшчэ – перажывем!
 
Мы ўсе адной зямлі, крыві і роду,
Не знішчыць нас ніякі землятрус,
Сучаснік мой, нашчадак мой, і продак,
Зямляк, ваўкавычанін, беларус!
 
 
*Міндоўг – Вялікі князь Літоўскі.
*Вайшалак – сын Міндоўга, княжыў у Ваўкавыску.
*Глеб Ваўкавыскі – першы мясцовы князь па летапісу.
*замчышчавы – Замчышча – адно з узвышшаў Шведскай гары, на якім знаходзіліся княжыя харомы. Разбураныя падчас нашэсця крыжакоў.
*Ягайла – Вялікі князь Літоўскі. Заснавальнік польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.
*Вітаўт – Вялікі князь Літоўскі.