Сугучнасць (на белорусском языке)

Стары акардэаніст стаяў на дашчатым памосце паркавай эстрады і іграў вальс. Пад напоўненыя светлай журбою гукі ягонага інструмента, такога ж старога, як і ён сам, ціхенька-ціха ступала па дарожках пустэльнага парку восень, і на фоне блакітнага бязвоблачнага неба барвовым і жоўтым агнём лісця дагарвала летняя прыгажосць дрэў. І ішоў бязгучны рознакаляровы дождж –лістапад, і лёгкія сухія дажджынкі – лісцікі – праляцеўшы ў паветры, як цудоўныя вялікія матылькі, лажыліся ля ног музыканта і засыналі назаўсёды, закалыханыя прыгожай мелодыяй. Сонца, ужо не такое гарачае, як улетку,але па–ранейшаму яркае, ласкава дакраналася цёплымі далонямі сваіх прамянёў да маршчністага твару акардэаніста і да сівых валасоў на ягонай галаве, і блікі – сонечныя зайчыкі – атрымлівалі асалоду, ныраючы ў глыбіню цёмнага перламутру корпуса акардэона і адбіваючыся ад яго, стаўшы зялёнымі, як маладая веснавая трава. Мармуровы хлопчык з чашай у руках, схіліўшы галаву, глядзеў, як быстрыя доўгія пальцы, націскаючы на белыя і чорныя клавішы, нараджаюць чароўныя гукі, якія адразу ж растаюць у празрыстым паветры і ад таго здаецца, што пяе само гэтае паветра. І дыханне інструмента – калі добрая і ўмелая рука расцягвае ягоны мех і калі зноў сціскае яго – раўнамернае, як дыханне чалавека, які спакойна, без сноў, спіць.
Акардэаніст іграў "Дунайские волны". Рады нізенькіх абшарпаных лавачкаў з усялякімі надпісамі, павыразанымі нажом на дрэве, былі перад ім. Ніхто не сядзеў на іх. Толькі вясёлыя верабейкі скакалі па іх, выдзёўбваючы нешта з шырокіх шчылін між дошкамі. Часам рэдкі прахожы спыняўся перад эстрадай, некалькі мінут слухаў, потым паціскаў плячыма і ішоў сваёю дарогай, і ягоныя губы мармыталі: "Вось дзівак... Для каго іграе?.." І яму было няўцям, што тады, калі ён спыніўся, музыкант іграў менавіта для яго і менавіта яму дарыў душу сваю, раствораную ў гуках музыкі.
Нейкая маладзенькая дзяўчына з доўгімі залатымі валасамі і чысценькім, без макіяжу, круглым тварыкам, падышла да эстрады, села на лавачку і пачала слухаць. Яна слухала доўга–доўга, і цені розных эмоцыяў бегалі па яе лобіку, маршчынілі на ім скуру. Акардэаніст іграў для сваёй слухачкі ўсё новыя і новыя вальсы. "Дунайские волны" змяніў "На сопках Маньчжурии", потым "Осенний сон" ахутаў сабою ўсё навокал, раняючы празрыстыя, як журба восені, слёзы, і тымі слязамі, як дух чыстаты, паабмываў усё, што было брудным усярэдзіне і навокал чалавека.
Дзяўчына ўстала і, прыблізіўшыся да дашчатага памоста, апусціла некалькі манеткаў у капялюш, што стаяў ля ног музыканта.
Музыка адразу ж абарвалася.
– Што вы зрабілі? – спытаў стары акардэаніст.
– Як што? Я дала вам грошы, – адказала дзяўчына.
– Мне не трэба ніякіх грошай.
– Тады чаму вы паставілі ля ног свой капялюш?
– Гэта капялюш для чалавечых усмешкаў, – растлумачыў стары. – Усміхніцеся. Гэта будзе найлепшай платай.
– Які вы дзіўны... Ва ўсякім разе, вялікае дзякуй вам за музыку.
Дзяўчына ўсміхнулася, і адразу ж яркае святло ўспыхнула над фетравымі палямі капелюша, і рознакаляровая вясёлка кінулася ад іх у сіняе неба.
– Усміхайцеся! – усклікнуў стары акардэаніст. – Усміхайцеся так заўсёды! Я падару вашы ўсмешкі тым,хто хмурны ад гора, злосці або хваробы! Мой капялюш поўны, гэтага святла хопіць на ўсіх!
Але дзяўчына ўжо пайшла па алеі парку. І стары акардэаніст глядзеў ёй услед, пакуль яна не знікла за заваротам, а потым зняў з сябе свой інструмент, паставіў яго на памост, узяў капялюш і выплюхнуў з яго ягонае змесціва. І тады сонца ўспомніла пра лета, і тады засмяяліся вераб’і на лавачках і на дрэвах, і ўсім жыхарам маленькага горада на некалькі мінут стала добра і весела, і яны смяяліся, як дзеці, і ў той момант не існавала на зямлі ні гора, ні болю, і хацелася верыць, што так цяпер будзе заўсёды...