ЗГУБЛЕНАЕ СУМЛЕННЕ
Сумленне прадаём, як у дурмане,
I запаўняем брудам пустату.
Знiкае вобраз чалавечы ў тванi,
Пах разлажэння чутны за вярсту…
Гудзе гардыня злая, поспех дуты,
Зацягвае у багну ўсё глыбей.
Чужою доляй, як манетай, круцiм,
Пагарда ў сэрцы, п`едэстал вышэй…
Свой дом будуем на падмурку з лганства,
Стаiць да першай плынi на рацэ.
Да моманту, калi так мала шанца,
Змянiць, вярнуць свой лёс тваёй руцэ.
Калi ў люстэрка два адбiткi твару:
Адзiн далёкi, а другi чужы…
Але ён твой, на iм сляды кашмару,
Што па жыццёвым полi пракружыў.
Да Божай ласкi цягнем слёзна рукi,
Заселi ў горле словы i мальба,
Кiпяць у хвалях чорнае атруты –
Сумленне ў плямах, у вачах журба…